/ / Общественно-политические
24.03.2017

Дэпутат Дзмітрый Гобараў: У грамадстве неадзначнае меркаванне наконт пакарання смерцю

Увесці мараторый, адмяніць смяротнае пакаранне ці пакінуць усё як ёсць – вось тры шляхі, пра якія ішла гаворка падчас пашыранага пасяджэння рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента, які выкарыстоўваецца ў краіне.

Апошнія два тыдні члены рабочай групы вывучалі сітуацыю на месцах і абмяркоўвалі з грамадзянамі праблематыку смяротнага пакарання.

«У грамадства неадназначнае меркаванне, – лічыць намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, член рабочай групы Дзмітрый ГОБАРАЎ. – Я сустракаўся з працоўнымі калектывамі ў Шклоўскай акрузе. У цэлым, меркаванне нашых людзей за гэтыя 20 гадоў (пасля рэферэндуму. – Аўт.) крыху змянілася. Я б сказаў, што ў маёй выбарчай акрузе – 50/50. Мы павінны гэтае пытанне прапаноўваць нашаму грамадству, вывучаць яго з нашымі блізкімі партнёрамі. Напрыклад, мы ведаем, што сёння мараторый існуе і ў Расійскай Федэрацыі, і ва Украіне».

Адзін з варыянтаў развіцця – увесці мараторый, напрыклад, на два гады, і паглядзець, як будзе развівацца сітуацыя, ці вырасце колькасць злачынстваў, якія прадугледжваюць выключную меру пакарання. Дарэчы, у параўнанні з 1990-мі практыка прымяненне смяротнага пакарання значна знізілася, а ў апошнія гады назіраецца тэндэнцыя замены на пажыццёвае зняволенне.

На пашыраным пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Андрэа Рыгоні. Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, кіраўнік рабочай групы Андрэй Навумовіч на днях вярнуўся з Вялікабрытаніі. Там ён разам з брытанскімі парламентарыямі, прадстаўнікамі МЗС і Міжнароднай камісіі супраць смяротнага пакарання абмяркоўваў у тым ліку і праблематыку выключнай меры пакарання.

Надзея АНІСОВІЧ, «Звязда», 24 сакавіка 2017 г.